SAʴý

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін 

Паралін у ААН: абараняць найбольш уразлівых і спрыяць міру

Пра актуальныя праблемы сучаснасці і неабходнасць аб'яднаць намаганні для захавання міру і годнасці чалавека казаў у сваім звароце да ўдзельнікаў Генасамблеі ААН кардынал Паралін.

Марыя Валодзіна - SAʴý

28 верасня 2024 года Кардынал-Дзяржсакратар П'етра Паралін звярнуўся да ўдзельнікаў 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку.

Іерарх нагадаў, што Святы Пасад заўсёды сцвярджаў у ААН такія асноўныя прынцыпы, як павага да чалавечай годнасці, роўны суверэнітэт дзяржаў, імкненне да міру і раззбраення, а таксама клопат аб агульным доме. Тым не менш, “гуманітарнае права ўсё яшчэ падрываецца", а канвенцыі па абароне людзей, якія не прымаюць удзелу ў баявых дзеяннях, усё часцей парушаюцца.

Вайна і гуманітарныя праблемы

Бліжэйшы супрацоўнік Францішка выказаў глыбокую занепакоенасць трывожным ростам канфліктаў ва ўсім свеце і іх разбуральнымі наступствамі для нявінных людзей. Ён адзначыў, што нападкі на аб'екты грамадзянскай інфраструктуры, у тым ліку храмы, навучальныя і медыцынскія ўстановы, сталі звычайнай з'явай. Дыпламат заклікаў да “строгага выканання міжнароднага гуманітарнага права ва ўсіх узброеных канфліктах, надаючы асаблівую ўвагу абароне месцаў культу".

Барацьба з беднасцю як шлях да міру

Каб дасягнуць міру недастаткова проста ліквідаваць прылады вайны, неабходна выкараніць яе карэнныя прычыны. Адной з асноўных прычын канфліктаў з’яўляецца беднасць, выкараненне якой павінна заставацца галоўнай мэтай усіх будучых дзеянняў, - сказаў Паралін.

Абарона жыцця і годнасці чалавека

“Жыццё чалавека павінна быць абаронена з моманту зачацця да натуральнай смерці”, - сказаў Паралін, дадаючы, што “сумная практыка так званага сурагатнага мацярынства” парушае годнасць жанчын і дзяцей. “Дзіця – гэта заўсёды дар і ніколі не аснова дзелавога кантракта”. Святы Пасад спадзяецца на паўсюдную забарону гэтай практыкі, - нагадаў іерарх.

Кардынал Паралін заклікаў надаваць асаблівую ўвагу хворым і пажылым, гуманна ставіцца да мігрантаў і бежанцаў, а таксама спыніць эксплуатацыю і гандаль людзьмі. “Гэтую незаконную і, перш за ўсё, бесчалавечную практыку неабходна спыніць, а гандляры людзьмі павінны быць прыцягнутыя да адказнасці", - заявіў Дзяржсакратар.

Тэхналогіі і зброя

Новыя тэхналогіі, у прыватнасці штучны інтэлект, цягнуць за сабой магчымасці і рызыкі. Неабходна тэрмінова перагледзець распрацоўку аўтаномных смяротных узбраенняў і ў канчатковым выніку забараніць іх выкарыстанне. “Ніводная машына ніколі не павінна вырашаць, ці забіраць жыццё чалавека", - падкрэсліў кардынал Паралін.

Прадстаўнік Святога Пасада аднавіў заклік да поўнага ядзернага раззбраення і заахвоціў міжнародную супольнасць перанакіраваць рэсурсы з ваенных выдаткаў на ўстойлівае развіццё і дапамогу найбольш уразлівым краінам.

Канфлікты: Украіна, Блізкі Усход, Афрыка

Кажучы пра вайну Расіі і Украіны, Дзяржсакратар адзначыў: “Мы сутыкаемся з сітуацыяй, якая патрабуе тэрміновых дзеянняў для прадухілення далейшай эскалацыі і стварэння шляхоў да справядлівага і мірнага ўрэгулявання. Хоць дыпламатычныя намаганні маюць вырашальнае значэнне, відавочна, што ваенныя намаганні працягваюць пераважаць. Таму важна знайсці спосабы заахвочвання жэстаў добрай волі і прасторы для дыялогу паміж уцягнутымі бакамі".

Кардынал Паралін заклікаў да неадкладнага спынення агню і аднаўлення дыялогу на Блізкім Усходзе, а таксама да вырашэння гуманітарных крызісаў у Ліване, Сірыі, Судане, Мазамбіку, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, на Гаіці і ў М'янме. Ён звярнуў увагу на сітуацыю ў Нікарагуа і Венесуэле, а таксама заклікаў да перамоў паміж Арменіяй і Азербайджанам. Святы Пасад "добразычліва глядзіць" на імкненне балканскіх краін далучыцца да Еўрапейскага Саюза, - заўважыў іерарх.

Пераслед хрысціян

Дзяржсакратар выказаў заклапочанасць з нагоды росту пераследу хрысціян у свеце. Па яго словах, прыкладна кожны сёмы хрысціянін (больш за 365 мільёнаў чалавек) падвяргаецца пераследу за сваю веру.

Напрыканцы звароту кардынал Паралін заклікаў “аднавіць карані, дух і каштоўнасці” ААН і вярнуцца да "шчырага і адкрытага дыялогу, які з'яўляецца душой міжнароднай супольнасці". Святы Пасад, як заўсёды, будзе адстойваць інтарэсы бедных і ўразлівых, а таксама спрыяць міру ва ўсім свеце, - запэўніў іерарх.

01 кастрычніка 2024, 13:05