SAʴý

Пасяджэнне першай сесіі Сінода аб сінадальнасці. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне першай сесіі Сінода аб сінадальнасці. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Ватыкан: пачалася праца над Instrumentum laboris другой сесіі Сінода

4 чэрвеня 2024 года каля дваццаці тэолагаў з усяго свету прыбылі ў Рым, каб распачаць працу над Instrumentum laboris другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка - SAʴý

У снежні 2023 года Генеральны Сакратарыят Сінода звярнуўся да біскупаў ва ўсім свеце, запрашаючы мясцовыя Касцёлы і касцёльныя аб’яднанні больш глыбока паразважаць над некаторымі аспектамі падагульняючага дакумента першай сесіі Сінода аб сінадальнасці, пачынаючы з галоўнага пытання ўсяго сінадальнага працэсу: “Як быць сінадальным і місійным Касцёлам?”.

На працягу апошніх месяцаў мясцовыя Касцёлы правялі гэту працу і даслалі ў Ватыкан свае справаздачы. Яны ўтрымліваюць не толькі разважанні над дакументам першай сесіі Сінода, але таксама сведчанні таго, як мясцовыя Касцёлы разумеюць сінадальнасць і ўжо жывуць ёй на практыцы.

Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў атрымаў таксама водгукі ад аб’яднанняў манаскіх супольнасцей, міжнародных каталіцкіх структур, універсітэцкіх факультэтаў, асацыяцый свецкіх, паасобных груп і вернікаў. “Сінадальны Касцёл – гэта не мара, якую трэба будзе ўвасобіць у жыццё, але жывая рэальнасць”, - зазначыў кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

Міжнародная каманда экспертаў, сярод іх спецыялісты ў розных галінах: дагматычнай тэалогіі, эклезіялогіі, пастырскай тэалогіі і кананічным праве, будзе займацца аналізам атрыманых матэрыялаў.

“Гаворка яшчэ не ідзе пра напісанне ўласна Instrumentum laboris другой сесіі Сінода аб сінадальнасці, але галоўным чынам пра рэалізацыю першага аналізу справаздач і станоўчых досведаў, якія прысутнічаюць у мясцовых супольнасцях, і сумеснае абмеркаванне тэалагічных пытанняў і разважанняў, каб падрыхтаваць глебу для складання ўласна Instrumentum laboris”, - адзначыў айцец Джакама Коста, Спецыяльны сакратар XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Праца міжнароднай групы, якая будзе праходзіць за закрытымі дзвярыма, пачалася з кароткіх духоўных практыкаванняў і працягнецца да 13 чэрвеня. Яна будзе прадугледжваць індывідуальную працу, пленарныя сесіі і абмеркаванні ў групах.

Працэс падрыхтоўкі Instrumentum laboris будзе складацца з некалькіх этапаў: пасля таго, як, дзякуючы апрацоўцы тэогаламі атрыманага матэрыялу, будзе акрэслена структура будучага дакумента, Звычайная Рада правядзе першы аналіз зробленай працы. Затым наступіць этап складання самаго дакумента і яго ўсебаковай праверкі, пакуль Звычайная Рада не ўхваліць дакумент, які будзе прадстаўлены Святому Айцу для канчатковага зацвярджэння.

Чакаецца, што тэкст будзе апублікаваны ў першай дэкадзе ліпеня. Інфармацыя на гэты конт будзе пададзена ў бліжэйшы час.
 

06 чэрвеня 2024, 08:57