SAʴý

Кардынал Конрад Краеўскі Кардынал Конрад Краеўскі 

Кардынал Краеўскі: дапамога бяздомным зімой – гэта ратаванне жыццяў

Узімку бяздомныя яшчэ больш патрабуюць нашай падтрымкі, у гэты перыяд кожная дапамога для іх на вагу золата, - падкрэсліў у размове з SAʴý кардынал Конрад Краеўскі.

Аляксандр Панчанка - SAʴý

Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні нагадаў, што ў краінах з мінусавой тэмпературай у зімовы перыяд дапамога бяздомным часта звязана з ратаваннем іх жыцця і здароўя.

“Важна, каб мы не адводзілі ад іх вачэй, асабліва калі прыходзяць маразы і снег, як цяпер. Любая дапамога для іх на вагу золата, нават, калі мы ўпусцім іх у пад’езд дома ці будынку, прынясём ім цёплую гарбату, ежу або спальны мяшок. Гэта ратуе жыццё”, - сказаў Апостальскі элемазінарый.

Святы Айцец надае важнае значэнне аказанню дапамогі людзям, якія апынуліся без даху над галавой. Ад яго імя дабрачыннай дзейнасцю займаецца Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, якую ўзначальвае кардынал Конрад Краеўскі.

У Ватыкане дзейнічае прытулак для бяздомных, сталоўка, душавыя і медыцынская амбулаторыя для людзей у нястачы. Кардынал Краеўскі ў суправаджэнні валанцёраў, часта швейцарскіх гвардзейцаў, у халодныя перыяды нярэдка здзяйсняе вячэрнія рэйды па Рыме, развозячы неабходныя рэчы і гарачую ежу і напоі бяздомным, якія начуюць на вуліцах горада.
 

09 студзеня 2024, 11:02