SAʴý

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік нагадаў пра неабходнасць клапаціцца пра прыроду

Папа апублікаваў у сацыяльнай сетцы Х адмысловае паведамленне з нагоды завяршэння штогадовай экуменічнай ініцыятывы “Час Стварэння”. Ён заклікаў успрымаць прыроду як цудоўную кнігу, якая сведчыць пра прыгажосць і дабрыню Бога.

Марыя Валодзіна – SAʴý

“Завяршаючы сёння ініцыятыву Час Стварэння, давайце звернемся да святога Францішка, які, верны Святому Пісанню, заахвочвае нас успрымаць прыроду як цудоўную кнігу, у якой Бог дае нам уяўленне аб сваёй бясконцай прыгажосці і дабрыні”, - гаворыцца ў твіце.

Ініцыятыва Час Стварэння рэалізуецца з 1989 года, калі праваслаўныя абвясцілі 1 верасня Днём малітвы аб стварэнні. У 2015 годзе да ініцыятывы афіцыйна далучыўся Каталіцкі Касцёл. У ёй таксама бяруць удзел Англіканская Царква, Сусветная Лютэранская Федэрацыя, Сусветная Рада Цэркваў і Сусветны Евангелічны Альянс. Вернікаў усяго свету заклікаюць маліцца і клапаціцца пра наш агульны дом.

Святкаванне Часу Стварэння доўжыцца цэлы месяц: ён пачынаецца 1 верасня, у Дзень малітвы аб стварэнні, і завяршаецца 4 кастрычніка, у літургічны ўспамін святога Францішка Асізскага, апекуна экалогіі, якога шануюць многія хрысціянскія канфесіі.

Сёлета Папа распачаў ініцыятыву 1 верасня заклікам да канкрэтных дзеянняў па ахове нашага агульнага дома, падкрэсліўшы, што крык параненай Зямлі становіцца ўсё больш і больш трывожным і патрабуе рашучых і неадкладных дзеянняў.

04 кастрычніка 2024, 13:33