SAʴý

Папа да экуменічнай дэлегацыі: разам сведчыць пра надзею

Жыць так, каб збылася вялікая надзея на поўную гармонію ў адносінах з Богам і паміж хрысціянамі, пажадаў Францішак удзельнікам экуменічнай пілігрымкі з Германіі, якіх 2 кастрычніка 2024 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - SAʴý

У склад дэлегацыі ўвайшлі каталіцкія вернікі Дрэздэнска-Майсэнскай дыяцэзіі і прадстаўнікі Евангелічнай Лютэранскай Царквы Саксоніі.

У сваёй прамове Святы Айцец нагадаў, што здзейсніць пілігрымку – значыць адправіцца ў дарогу, якая звычайна вядзе да святыні. Гэтая дарога з’яўляецца сімвалам жыццёвага шляху і вялікай канчатковай мэты: Бога, на якога мы спадзяёмся.

“Багацце нашай веры – гэта Божы дар, які мы атрымліваем не толькі для сябе, але і для іншых, для людзей вакол нас, у тым ліку тых, хто здаецца далёкім ад веры, хто яшчэ не чуў пра Хрыста ці думае, што Яму няма чаго сказаць ім. Мне здаецца, што жыццям многіх людзей сёння не хапае сэнсу, надзеі і радасці, якія свет не можа даць. Таму я заклікаю вас дзяліцца сэнсам, надзеяй і радасцю веры з усімі людзьмі, упэўнена і пакорліва”, - сказаў Папа.

“Асабістае і шчырае сведчанне – вось што важна для перадачы веры”, - лічыць Святы Айцец. Крытэрыем шчырасці Пан называе адзінства сваіх вучняў і просіць Айца: "Каб усе былі адно, каб паверыў свет" (пар. Ян 17, 21). Папа падзякаваў удзельнікам пілігрымкі за тое, што яны сур'ёзна паставіліся да экуменічнага паслання Езуса і за спробу выканаць гэтую экуменічную місію ў ходзе сумеснай пілігрымкі і ў паўсядзённым жыцці.

Францішак выказаў асаблівую падзяку валанцёрам за іх шчырае бескарыслівае сведчанне, а таксама харыстам Дрэздэнскага хору хлопчыкаў (Dresdner Kapellknaben). “Мастацтва ў цэлым, і музыка ў прыватнасці – гэта мова, якую разумее кожны, мова, здольная задаваць пытанні, натхняць і выхоўваць людзей. Некаторыя рэчы цяжка выказаць словамі, і гэта асабліва тычыцца той Боскай таямніцы, якая выходзіць далёка за рамкі нашых думак і ідэй. Вось чаму ў касцёлах і цэрквах мы маем такую багатую сімволіку, якая робіць невымоўнае матэрыяльным і канкрэтным: свечкі, ладан, мастацтва і музыка! Дзякуй за цудоўны ўнісон, за гармонію шматлікіх галасоў, якая нагадвае нам пра дзейнасць Святога Духа, які аб'ядноўвае многіх!” – сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў гасцей разам працаваць і сведчыць пра надзею. “У Бібліі шмат прыкладаў, калі нешта маленькае і нязначнае можа з дапамогай Божай ласкі вырасці ў нешта вялікае, нешта значна большае і прыгожае, чым тое, што мы, людзі, маглі б дасягнуць самі, сваімі сіламі”, - заўважыў ён, прыводзячы ў прыклад кастрычнік 1989 года, калі некаторыя пратэстанцкія і каталіцкія вернікі ў Дрэздэне змаглі мірна супрацьстаяць паліцыі, адкрыўшы шлях, які прывёў да цуду нямецкага адзінства.

Напрыканцы сустрэчы Папа запрасіў гасцей разам звярнуцца да Нябеснага Айца з малітвай, якая аб'ядноўвае ўсіх хрысціян: Ойча наш...

02 кастрычніка 2024, 14:10