SAʴý

Францішак запрасіў студэнтаў шукаць праўду і служыць іншым

28 верасня 2024 года Папа наведаў Каталіцкі ўніверсітэт Лёвэна ў Бельгіі, дзе сустрэўся з тысячамі студэнтаў, заклікаўшы іх шукаць праўду і служыць іншым у сваім навучанні.

Аляксандр Амяльчэня - SAʴý

Францішак прыбыў да галоўнага ўваходу ў Aula Magna, дзе яго сустрэлі рэктары Каталіцкага ўніверсітэта Лёвэна (UCLouvain) і Каталіцкага ўніверсітэта Лювэна (KU Leuven), арцыбіскуп Мехелена-Бруселя ў якасці Вялікага канцлера, мэр Атыньі-Лёвен-ля-Нёў і губернатар правінцыі. Прадстаўнік моладзі ўручыў Папу кветкі, а група студэнтаў з сцягамі віталі яго.

У Aula Magna Францішак пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей і падняўся на ліфце ў Тэатр на першым паверсе. Сустрэча пачалася з прывітальнага слова рэктара, пасля чаго быў паказаны відэаролік. Затым Пантыфік пачуў ліст універсітэцкай супольнасці, адрасаваны непасрэдна яму.

Галоўнай часткай сустрэчы стала прамова Святога Айца. Ён закрануў шэраг важных тэм, у тым ліку адносіны паміж хрысціянствам і экалогіяй, ролю жанчыны ў Касцёле, а таксама сэнс і мэты ўніверсітэцкай адукацыі.

Культура – гэта не толькі ідэі, але і клопат пра свет

Францішак пачаў сваю прамову з разважанняў пра будучыню і трывогу, якую адчуваюць многія маладыя людзі. Ён адзначыў, што хрысціяне ведаюць: зло не мае апошняга слова. Аднак гэта не здымае з нас адказнасці за свет. "Надзея – гэта наша адказнасць", - падкрэсліў Пантыфік.

Гаворачы пра экалогію, Папа вылучыў тры ключавыя паняцці: удзячнасць, місія і вернасць. Ён заклікаў студэнтаў быць удзячнымі за дар стварэння, успрымаць сябе як гасцей, а не ўладароў на Зямлі.

Місія чалавека, па словах Папы, – захоўваць прыгажосць свету і развіваць яго на карысць усіх, асабліва будучых пакаленняў. "Вось экалагічная праграма Касцёла", - падкрэсліў ён. Пантыфік таксама звярнуў увагу на неабходнасць змянення нашых сэрцаў: "Ніякі план развіцця не можа мець поспеху, калі ў нашых сэрцах застаюцца нахабства, насілле, саперніцтва".

Жанчына – гэта прыняцце, клопат, жыццядайная адданасць

Пантыфік таксама закрануў тэму ролі жанчыны ў Касцёле, падкрэсліўшы, што годнасць жанчыны – гэта неад'емнае права, якое не можа быць дадзена ці адабрана чалавечымі законамі. Ён заклікаў да пераасэнсавання ролі жанчыны ў кантэксце хрысціянскай культуры і традыцыі, адзначыўшы, што жанчына знаходзіцца ў цэнтры збаўчай падзеі.

Звяртаючыся непасрэдна да студэнтаў, Папа падзяліўся разважаннямі пра сэнс універсітэцкай адукацыі. Ён вылучыў тры аспекты: як вучыцца, навошта вучыцца і для каго вучыцца. Францішак падкрэсліў важнасць сумеснага навучання, пошуку правільных матываў і мэт, а таксама служэння іншым праз набытыя веды і навыкі.

Шукайце праўду, і яна зробіць вас свабоднымі

"Без ісціны наша жыццё губляе сэнс," - сказаў Пантыфік. "Вучоба мае сэнс, калі шукае ісціну, і, шукаючы яе, разумее, што мы створаны, каб знайсці яе. Ісціна дазваляе сябе знайсці – яна гасцінная, дасяжная, шчодрая", - дадаў ён.

Пасля прамовы адбыўся сімвалічны жэст у гонар 600-годдзя ўніверсітэта – было пасаджана Дрэва жаданняў. Завяршылася сустрэча благаслаўленнем Папы.

На тэрасе перад Aula Magna рэктар і двое студэнтаў падарылі Францішку традыцыйную акадэмічную шапачку. Напрыканцы Пантыфік развітаўся з рэктарам і спусціўся на ліфце ў двор перад Aula Magna, дзе прывітаў каля 4 тысяч студэнтаў, якія сабраліся там.
 

28 верасня 2024, 11:32