SAʴý

Цырымонія прывітання Святога Айца ў Сінгапуры Цырымонія прывітання Святога Айца ў Сінгапуры  (Vatican Media)

Папа ў Сінгапуры – краіне эканамічнага росту і рэлігійнага міру

Францішак прыбыў у Сінгапур – другую па густанаселенасці краіну ў свеце, якая нярэдка атаясамліваецца з прыкладам эканамічнага росту, сучаснасці, багацця і мірнага суіснавання людзей розных нацый, культур і рэлігій.

Аляксандр Панчанка - SAʴý

Сінгапур называюць “сучасным эканамічным цудам”, поспех якога пабудаваны на адзіным рэсурсе – людзях. Краіна не мае прыродных багаццяў, не займаецца вытворчасцю прадуктаў харчавання і нават імпартуе пітную ваду з суседніх дзяржаў. Пры гэты жыхары Сінгапура лічацца аднымі з найлепшым работнікаў у свеце, - заўважыла ў адмысловым дасье польскае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KAI.

Рэспубліка Сінгапур складаецца з аднайменнага вострава і каля сарака невялікіх астраўкоў ля ўзбярэжжа Малайскага паўвострава. Да XIX стагоддзя гэта было маленькае рыбацкае паселішча ў балоцістай мясцовасці, якое ператварылася ў важны гандлёвы порт і буйны эканамічны цэнтр пасля прыйсця брытанцаў у 1819 годзе.

Сінгапур стаў незалежным у 1965 годзе, а яго назва паходзіць ад двух слоў на санскрыце: simha (леў) і pura (горад), таму яго яшчэ называюць Горад Льва. З 1986 года краіна стала на шлях інтэнсіўнага развіцця, і дзякуючы намаганням яе “айца-заснавальніка” Лі Куана Ю, ператварылася ў сучасную і незалежную дзяржаву. Ад самага пачатку Сінгапур імкнецца стаць радзімай для ўсіх, незалежна ад этнічнай культурнай і рэлігійнай прыналежнасці, а яго ўлады намагаюцца ўсімі сіламі супрацьстаяць рэлігійнаму экстрэмізму ў Азіі.

Першымі місіянерамі ў Сінгапуры былі партугальцы, якія прыбылі ў XVI стагоддзі разам з каланізатарамі. Потым тут прапаведаваў святы Францішак Ксаверый. З часам галандскія кальвіністы спынілі развіццё Каталіцкага Касцёла на гэтых землях. Католікам было забаронена займацца місіянерскай дзейнасцю, а біскупы былі вымушаны знаходзіцца па-за межамі сваёй дыяцэзіі. Такая сітуацыя працягвалася да 1819 года. Калі востраў набылі брытанцы, каталіцкія евангелізатары змаглі вярнуцца дзякуючы Парыжскаму таварыству замежных місій, у прыватнасці святому Ларану Эмберу.

У 1841 годзе Грыгорый XVI заснаваў на гэтых землях апостальскі вікарыят Малака-Сінгапур. У гады Другой сусветнай вайны яго тэрыторыя была акупавана японцамі, а Касцёл падвяргаўся жорсткім ганенням. У 1972 годзе вікарыят Сінгапур быў узведзены ў ранг архідыяцэзіі, падпарадкаванай Святому Пасаду. У 1986 годзе, праз пяць гадоў пасля ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Сінгапурам і Апостальскай Сталіцай, краіну наведаў з афіцыйным візітам святы Ян Павел ІІ.

У 2020 годзе Каталіцкі Касцёл адзначаў 200-годдзе сваёй прысутнасці ў гэтай астраўной дзяржаве. Сінгапур, насельніцтва якога складае каля 5,6 мільёнаў чалавек – шматнацыянальная і шматканфесійная краінай. Яе самай вялікай этнічнай групай з’яўляюцца кітайцы – 76 працэнтаў насельніцтва, за імі ідуць малайцы (15 працэнтаў) і індыйцы (7,4 працэнта). Дамінуючай рэлігіяй з’яўляецца будызм, які вызнаюць 33 працэнты жыхароў краіны, галоўным чынам кітайцы. Малайцы ў большасці з’яўляюцца мусульманамі.

Хрысціяне складаюць каля 18 працэнтаў насельніцтва Сінгапура, католікі – 3,5 працэнта. У архідыяцэзіі Сінгапур дзейнічае 29 парафій, у якіх служаць 156 святароў (77 дыяцэзіяльных і 79 манахаў). Душпастырствам таксама займаюцца 33 законныя браты, 156 законніц і 1817 свецкіх катэхетаў. На аднаго каталіцкага святара ў краіне прыходзіцца больш за тысячу вернікаў. У вышэйшай духоўнай семінарыі праходзяць фармацыю 30 чалавек.

Моцным бокам Каталіцкага Касцёла ў Сінгапуры з’яўляецца яго актыўная прысутнасць у сферы адукацыі і аховы здароўя. У краіне налічваецца 56 каталіцкіх навучальных устаноў – ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэта. Іх наведвае каля 50 тысяч вучняў і студэнтаў, у асноўным некатолікаў. Таксама ў краіне дзейнічаюць каталіцкія шпіталь, медыцынскі цэнтр, чатыры дамы для састарэлых і інвалідаў, трынаццаць дзіцячых дамоў і шэсць цэнтраў падтрымкі сям’і.

Касцёл у Сінгапуры дынамічна развіваецца, нягледзячы на секулярызацыю, якая ўсё глыбей пранікае ў грамадства. У нядзелю каталіцкія храмы краіны звычайна перапоўнены людзьмі. Многія вернікі з’яўляюцца мігрантамі, што адлюстроўвае паўсюднасць Касцёла. Па даных Нацыянальнага бюро статыстыкі Сінгапура, хрысціянства, і асабліва каталіцтва – адзіная рэлігія, якая расце ў гэтай дзяржаве. Улады краіны цэняць уклад Касцёла ў служэнне бедным, працу ў сферы адукацыі і аховы здароўя, спрыянне рэлігійнай гармоніі, міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу.
 

11 верасня 2024, 11:51