SAʴý

Папа пра веру, братэрства і спагаду ў разнастайным грамадстве

4 верасня 2024 года ў катэдральным касцёле Джакарты Папа выступіў з прамовай перад каталіцкім духавенствам і катэхетамі Інданезіі. Сустрэча стала чарговай частка яго апостальскага візіту ў краіну, дэвізам якога сталі словы: Вера, Братэрства, Спагада.

Аляксандр Амяльчэня - SAʴý

Францішак пачаў з прывітання прысутных, у тым ліку мясцовых кардынала і біскупаў. Ён падзякаваў старшыні Канферэнцыі Біскупаў за яго словы, а таксама братам і сёстрам, якія падзяліліся сваімі сведчаннямі.

Далей Пантыфік падрабязна спыніўся на кожным з трох ключавых паняццяў візіту. Ён адзначыў, што Інданезія – вялікая краіна з багатымі прыроднымі рэсурсамі. Але гэта багацце не можа быць прычынай гонару ці пыхі. Наадварот, яно павінна нагадваць пра Бога і Яго прысутнасць у свеце. Францішак заклікаў глядзець на свет з удзячнасцю і адказнасцю, "пакорнымі вачыма дзяцей". Ён падкрэсліў, што кожны момант жыцця мільёнаў інданезійцаў – гэта дар ад Бога.

Папа выкарыстаў паэтычны вобраз, параўноўваючы братэрства з "дзвюма кроплямі вады", падобнымі да сябе, але па-свойму ўнікальнымі. Ён падкрэсліў важнасць прыняцця адно аднаго, прызнаючы роўнасць у разнастайнасці. Святы Айцец пахваліў інданезійскі Касцёл за яго адкрытасць да розных культур, этнасаў і рэлігій. Ён заклікаў мясцовых католікаў заставацца “прарокамі еднасці" ў свеце, які імкнецца да падзелу.

Францішак падкрэсліў, што сапраўдная спагада – гэта не проста падача міласціны, а збліжэнне з іншымі, падтрымка іх і іх мар пра свабоду і справядлівасць. Ён адзначыў, што некаторыя лічаць спагаду слабасцю, але на самай справе яна не зацямняе сапраўднае бачанне жыцця, а дапамагае бачыць рэчы лепш, у святле любові.

Завяршаючы сваю прамову, Папа паўтарыў заклік святога Яна Паўла II, які наведаў Інданезію некалькі дзесяцігоддзяў таму, заахвочваючы прысутных быць сведкамі радасці Уваскрэсення і несці Евангелле нават на самыя аддаленыя астравы.

Ён благаславіў прысутных на сустрэчы ў катэдры біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў і катэхетаў, падзякаваў ім за важную штодзённую працу і папрасіў маліцца за яго.
 

04 верасня 2024, 12:45