SAʴý

Папа да ўладаў Бельгіі: дзяржавы павінны адмовіцца ад ідэі вайны

Еўропа паклікана працягваць ісці па шляху міру і братэрства паміж народамі, сказаў Францішак у звароце да караля Бельгіі Філіпа, прадстаўнікоў бельгійскіх уладаў і грамадзянскай супольнасці.

Марыя Валодзіна - SAʴý

27 верасня 2024 года у рамках апостальскага падарожжа ў краіны Бенілюкса Пантыфік сустрэўся з уладамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Бельгіі. Сустрэча прайшла ў Вялікай галерэі Лакенскага палаца, які служыць каралеўскай рэзідэнцыяй.

Бельгія – мост у сэрцы Еўропы

У сваёй прамове Папа адзначыў, што Бельгія выклікае асацыяцыі з чымсьці адначасова маленькім і вялікім, як сэрца гіганцкага арганізма. Было б памылкай меркаваць аб краіне па яе памерах. Бельгія, магчыма, і не з'яўляецца буйной дзяржавай, але яе гісторыя вельмі ўплывовая. Адразу пасля Другой сусветнай вайны стомленыя і змучаныя народы Еўропы, якія імкнуліся да міру, супрацоўніцтва і інтэграцыі, разглядалі Бельгію як натуральную пляцоўку для асноўных еўрапейскіх інстытутаў. Гэта тлумачылася тым, што Бельгія знаходзілася на лініі разлому паміж германскім і лацінскім светам, паміж Францыяй і Германіяй, дзвюма краінамі, якія ў найбольшай ступені ўвасаблялі супрацьлеглыя нацыяналістычныя ідэі, якія ляжалі ў аснове канфлікту. Бельгія здавалася ідэальным месцам, амаль сінтэзам Еўропы, з якога можна было б пачаць яе фізічнае, маральнае і духоўнае аднаўленне.

Святы Айцец параўнаў Бельгію з мостам: мостам паміж кантынентам і Брытанскімі астравамі, мостам паміж германскімі і франкамоўнымі рэгіёнамі, мостам паміж паўднёвай і паўночнай Еўропай. Мост, які дазваляе пашыраць згоду і вырашыць спрэчкі. Мост, на якім сустракаюцца і дамаўляюцца людзі з рознымі мовамі, менталітэтамі і перакананнямі. Мост, на якім кожны чалавек ведае, што яго ідэнтычнасць – гэта не ідал або бар'ер, а гасцінная прастора, з якой можна выйсці і вярнуцца, месца, якое спрыяе каштоўнаму абмену, сумеснаму пошуку новай сацыяльнай стабільнасці і заключэння новых пагадненняў. Мост, які спрыяе гандлю, які аб'ядноўвае культуры і спрыяе дыялогу. Мост, неабходны для адмовы ад вайны і ўсталявання міру.

Захаваць памяць пра мінулае і яго ўрокі

Па словах Францішка, Еўропа мае патрэбу ў Бельгіі, каб нагадаць сабе аб сваёй гісторыі, створанай народамі і культурамі, саборамі і ўніверсітэтамі, дасягненнямі чалавечага генія, а таксама шматлікімі войнамі і імкненнем да панавання, якія часам перарасталі ў каланіялізм і эксплуатацыю. “Бельгія патрэбна Еўропе, каб працягваць ісці па шляху міру і братэрства паміж народамі”, - сказаў Пантыфік.

Бельгія служыць напамінам усім астатнім дзяржавам: калі яны парушаюць межы або міжнародныя дагаворы, выкарыстоўваючы самыя разнастайныя і неабгрунтаваныя апраўданні, калі яны выкарыстоўваюць зброю па прынцыпу "моцны праў", тады яны адкрываюць скрыню Пандоры, выклікаючы лютыя буры, якія скаланаюць дом і пагражаюць яго знішчыць. "Мы блізкія да амаль сусветнай вайны", - заўважыў Святы Айцец.

Мір і гармонія ніколі не дасягаюцца раз і назаўжды. Наадварот, яны патрабуюць бесперапыннага клопату. “Бо, калі чалавек страчвае памяць пра мінулае і яго ўрокі, ён падвяргаецца небяспечнай рызыцы зноў адкаціцца назад, нават пасля таго, як ужо прасунуўся наперад, забыўшыся пра пакуты і жахлівую цану, заплачаную папярэднімі пакаленнямі”, - папярэдзіў Папа.

Пантыфік заклікаў еўрапейскі кантынент адмовіцца ад ідэі і практыкі вайны з яе катастрафічнымі наступствамі, “вярнуцца на свой шлях, зноў адкрыць сваю сапраўдную ідэнтычнасць і інвеставаць у будучыню, адкрыўшы сябе для жыцця, для надзеі, для пераадолення дэмаграфічнай зімы і пекла вайны!”

Касцёл імкнецца несці надзею

“Сведчачы пра сваю веру ва ўваскрослага Хрыста, Каталіцкі Касцёл жадае быць тым, хто прапануе асобным людзям, сем'ям, грамадствам і нацыям надзею, як старажытную, так і вечна новую. Жадае быць тым, хто дапамагае кожнаму чалавеку супрацьстаяць выклікам і выпрабаванням не з легкадумным энтузіязмам або змрочным песімізмам, а з упэўненасцю ў тым, што чалавецтву, любімаму Богам, наканавана жыць ў міры і дабры, а не адысці ў нябыт. Гледзячы на Езуса, Касцёл заўсёды ўсведамляе сябе вучнем, які са страхам і трапятаннем ідзе за сваім Настаўнікам. Ён ведае, што святы, бо заснаваны Панам, аднак у той жа час адчувае далікатнасць і недасканаласць вернікаў, якія ніколі цалкам не спраўляюцца з ускладзенай на іх задачай, паколькі яна заўсёды пераўзыходзіць іх магчымасці. Касцёл абвяшчае добрую вестку, якая можа напоўніць радасцю нашыя сэрцы. Справамі міласэрнасці і незлічонымі прыкладамі любові да бліжняга Касцёл імкнецца паказаць канкрэтныя прыкметы і доказы той любові, якая рухае ім”, - запэўніў Францішак.

Злоўжыванні і прымусовыя ўсынаўленні

Тым не менш, Касцёл жыве ў “пэўнай культуры і менталітэце той ці іншай эпохі”, у вечным суіснаванні святла і цені, часта дэманструючы “прыклады вялікай шчодрасці і шчырай самаадданасці, а часам, на жаль, дэманструючы балючыя процілеглыя сведчанні. Я маю на ўвазе трагічныя выпадкі злоўжывання дзецьмі, чуму, з якой Касцёл змагаецца цвёрда і рашуча, слухаючы і суправаджаючы пацярпелых, а таксама ажыццяўляючы па ўсім свеце шырокую праграму прафілактыкі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец назваў злоўжыванні ганьбай, за якую Касцёлу трэба папрасіць прабачэння. Трэба паспрабаваць “вырашыць гэтую сітуацыю з хрысціянскай пакорай” і зрабіць усё магчымае, каб гэтага больш не адбылося. “Хтосьці кажа мне: Ваша Святасць, ведаеце, паводле статыстыкі, пераважная большасць злоўжыванняў адбываецца ў сям'і ці па суседстве або ў свеце спорту, у школе", але аднаго выпадку дастаткова, каб саромецца. Касцёл павінен папрасіць прабачэння за гэта, каб іншыя таксама папрасілі прабачэння з іх боку. Гэта наша ганьба і наша прыніжэнне”, - сказаў Папа.

“Я быў засмучаны феноменам "прымусовага ўсынаўлення", які меў месца ў Бельгіі ў 50-х – 70-х гадах мінулага стагоддзя. У гэтых пранізлівых гісторыях горкія плады неправамерных дзеянняў і злачыннасці змешваліся з тым, што, на жаль, было вынікам менталітэту, распаўсюджанага ва ўсіх пластах грамадства настолькі, што тыя, хто дзейнічаў у адпаведнасці з ім, шчыра верылі, што робяць дабро, як для дзіцяці, так і для маці. Часта сям'я і іншыя прадстаўнікі грамадства, у тым ліку і ў Касцёле, лічылі, што для таго, каб пазбегнуць стыгматызацыі незамужніх маці, было пераважней для дабра як дзіцяці, так і маці аддаць дзіця на ўсынаўленне. Былі нават выпадкі, калі некаторым жанчынам не пакідалі магчымасці выбару паміж захаваннем дзіцяці і яго ўсынаўленнем”, - зазначыў Папа.

“Як пераемнік апостала Пятра, я малю Пана, каб Касцёл заўсёды знаходзіў у сабе сілы выпраўляць і ніколі не прыстасоўвацца да пануючай культуры, нават калі гэтая культура маніпулятыўным чынам выкарыстоўвае каштоўнасці, запазычаныя з Евангелля, робячы з яго недакладныя высновы, якія нясуць пакуты і адчужэнне. Малюся, каб лідары краін, гледзячы на Бельгію і яе гісторыю, умелі здабываць урокі з гісторыі і такім чынам пазбавілі свае народы бясконцых няшчасцяў і пакут. Малюся каб кіраўнікі краін маглі ўзяць на сябе адказнасць, рызыку і гонар імкнення да міру, маглі пазбегнуць небяспекі, ганьбы і бессэнсоўнасці вайны”, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў дэвіз свайго падарожжа ў Бельгію: У дарогу, з Надзеяй (En route, avec Espérance). Слова Надзея ў ім пішацца з вялікай літары, таму што гэта “дар Божы, які носяць у сэрцы”. Францішак пажадаў усім жыхарам Бельгіі “заўсёды прасіць і атрымліваць гэты дар ад Святога Духа, каб разам з надзеяй рухацца па шляху жыцця і гісторыі”.

27 верасня 2024, 11:19