SAʴý

Францішак: вырашэнне праблемы беднасці важнае для міру ў свеце

Няроўнасць – гэта галоўная прычына грамадскіх хвароб, - адзначыў Папа ў звароце да ўдзельнікаў сустрэчы Народных рухаў, арганізаванай 20 верасня 2024 года ў Ватыкане Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Аляксандр Панчанка - SAʴý

“Пакуль праблемы бедных не будуць радыкальна вырашаны, пакуль мы не адмовімся ад аўтаноміі рынкаў і фінансавых спекуляцый і не ліквідуем структурныя прычыны няроўнасці, праблемы міру вырашаны не будуць”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў важную ролю Народных рухаў у барацьбе з сацыяльнай несправядлівасцю. “Вы пераадолелі пасіўнасць і песімізм, вы адмовіліся ад быцця пакорнымі ахвярамі, вы прызналі сябе суб’ектамі гісторыі”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік перакананы, што вокліч адрынутых павінен абудзіць сумленне палітычных лідараў, абавязаных забяспечыць захаванне эканамічных, сацыяльных і культурных правоў.

Святы Айцец заклікаў багатых людзей, якія валодаюць большай часткай зямных багаццяў, дзяліцца з іншымі. “Я прашу прывілеяваных гэтага свету зрабіць гэты крок, і яны стануць нашмат шчаслівейшымі, а мы – яшчэ большымі братамі”, - сказаў Папа.

Францішак папярэдзіў пра небяспеку сучасных форм каланізацыі. “Матэрыяльны, ідэалагічны і культурны каланіялізм часта ідуць поруч, паглынаючы матэрыяльныя і нематэрыяльныя багацці людзей. У імя глабалізацыі ставіцца мэта стандартызаваць і падпарадкаваць усё. Палітыкі павінны асэнсаваць гэту пагрозу і не баяцца”, - заявіў Пантыфік, адзначаючы, што менавіта баязлівасць прымушае многіх палітыкаў здраджваць уласным перакананням.

“Адмова ад высакародных і велікадушных ідэалаў дзеля служэння бажку грошай і ўлады – гэта вялікае адступніцтіва”, - дадаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што палітыкам трэба дапамагчы не схіляць калені перад залатым цялём.

Пантыфік згадаў таксама пра трывожныя сацыяльныя бедствы, такія як гандаль наркотыкамі, дзіцячая прастытуцыя, рабства, насілле і арганізаваная злачыннасць. Ён згадаў пра праблему азартных гульняў, якія разбураюць цэлыя сем’і і прыводзяць да псіхічных паталогій, роспачы і самагубстваў. “Сумна, што сёння азартныя гульні прапагандуюцца і на футбольных матчах з удзелам вялікіх зорак спорту”, - сказаў ён.

Святы Айцец звярнуўся з заклікам да кампаній, якія працуюць у сферы інфармацыйных тэхналогій, лічбачых платформ, сацыяльных сетак і штучнага інтэлекту. “Не думайце, што вы стаіце па-над законам. Ваш абавязак – не дапусціць, каб гэтыя сеткі выкарыстоўваліся для распаўсюджвання азартных гульняў, дзіцячай парнаграфіі і арганізаванай злачыннасці”, - падкрэсліў Францішак.
 

20 верасня 2024, 14:57