SAʴý

Анёл Панскі: чыстасць сэрца важнейшая за знешнія рытуалы

У нядзелю, 1 верасня 2024 года, Папа правёў традыцыйную малітву Анёл Панскі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. Ён падзяліўся разважаннем пра чыстасць і нячыстасць, абапіраючыся на Евангелле ХХІІ Звычайнай нядзелі (Мк 7,1-8.14-15.21-23).

Аляксандр Амяльчэня - SAʴý

Францішак адзначыў, што тэма чыстасці была вельмі важнай для сучаснікаў Езуса. Яна была звязана з выкананнем рытуалаў і правіл паводзін, каб пазбегнуць кантакту з нячыстымі рэчамі ці людзьмі. Некаторыя рэлігійныя дзеячы таго часу былі амаль апантаныя ідэяй чыстасці і нячыстасці.

Пантыфік нагадаў, што кніжнікі і фарысеі абвінавацілі Хрыста ў тым, што Ён дазваляе сваім вучням есці, не памыўшы рук. У адказ Збаўца тлумачыць сапраўднае значэнне чыстасці.

"Чыстасць, - кажа Езус, - звязана не з знешнімі рытуаламі, а перш за ўсё з унутраным станам", - падкрэсліў Папа. "Каб быць чыстым, недастаткова шматразова мыць рукі, калі ў сэрцы жывяцца злыя пачуцці, такія як прагнасць, зайздрасць ці пыха, або злыя намеры, такія як падман, крадзеж, здрада і паклёп".

Пантыфік заклікаў вернікаў асцерагацца рытуалізму, які не спрыяе духоўнаму росту, а часам нават можа прывесці да ігнаравання або апраўдання ўчынкаў, якія супярэчаць міласэрнасці і раняць душу.

Францішак падкрэсліў важнасць паслядоўнасці ў веры: "Нельга, напрыклад, выйсці з святой Імшы і адразу ж пачаць абгаворваць іншых. Або маліцца пабожна, а дома халодна ставіцца да сваіх родных ці занядбаць састарэлых бацькоў".

Святы Айцец заклікаў вернікаў задумацца: "Ці жыву я сваёй верай паслядоўна? Ці адпавядаюць мае пачуцці, словы і ўчынкі таму, што я кажу ў малітве?"

На заканчэнне Папа папрасіў Дзеву Марыю дапамагчы ўсім зрабіць сваё жыццё, напоўненае шчырай і практычнай любоўю, прыемным Богу культам.
 

01 верасня 2024, 12:37