SAʴý

Папа прыняў новую рэктар італьянскага каталіцкага ўніверсітэта

Патрэба ў інтэгральным развіцці моладзі была адной з тэм сустрэчы Папы з прафесарам Эленай Бекалі, новай рэктар Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца (Università Cattolica del Sacro Cuore).

Аляксандр Панчанка - SAʴý

12 жніўня 2024 года Францішак прыняў 50-гадовую эканамістку на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы Ватыкана. Бекалі была абрана рэктарам напрыканцы чэрвеня. Яна стала першай у гісторыі ўніверсітэта жанчынай на гэтай пасадзе і будзе кіраваць навучальнай установай да 2028 года. Дагэтуль італьянка была дэканам Факультэта банкаўскай справы, фінансаў і страхавання.

“Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца ў першую чаргу хоча быць месцам сустрэчы, узаемадзеяння паміж рознымі культурамі і дысцыплінамі. Таму я лічу прызнанне каштоўнасці дыялогу, адкрытасці і міждысцыплінарнасці адной з першых рыс, якія характарызуюць дзейнасць і місію Каталіцкага ўніверсітэта”, - сказала рэктар у каментары для SAʴý пасля аўдыенцыі ў Святога Айца.

Другім важным аспектам дзейнасці навучальнай установы Бекалі назвала інтэгральную фармацыю моладзі: універсітэт дае студэнтам не толькі якасную адукацыю ў розных дысцыплінах, але таксама магчымасці для асабовага развіцця. “Інтэгральнае выхаванне не павінна выключаць ніводнага вымярэння, у тым ліку духоўнага”, - сказала яна.

Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца бярэ на сябе сур’ёзныя абавязацельствы, якія носяць двайны характар: з аднаго боку ён прымае маладых людзей з бедных сем’яў, у першую чаргу сем’яў мігрантаў, якія не маюць фінансавых магчымасцей, каб дазволіць сваім дзецям атрымаць вышэйшую адукацыю; з іншага боку ўстанова намагаецца садзейнічаць пашырэнню адукаванасці ў грамадстве праз падрыхтоўку настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў, - расказала рэктар.

Важным аспектам дзейнасці ўніверсітэта Бекалі назвала адкрытасць на свет, якая выяўляецца ў супрацоўніцтве, партнёрстве і заключэнні рознага роду пагадненняў з замежнымі навучальнымі ўстановамі. Рэктар прызналася, што хоча, каб універсітэт станавіўся яшчэ больш адкрытым на бедныя рэгіёны планеты. У гэтым кантэксце яна распавяла пра падрыхтоўку спецыяльнага адукацыйнага праекта для Афрыкі, які прадугледжвае дыстанцыйнае навучанне і дапоўніць шматлікія ініцыятывы, якія ўжо рэалізуюцца ў сферы эканомікі і аховы здароўя, спрыяючы развіццю кантынента.
 

13 жніўня 2024, 10:02