SAʴý

Папа Павел VI Папа Павел VI   Калонка рэдактара

Дыялог як проціяддзе ад рэлігійнага маркетынгу і абраз у сацсетках

Пра актуальнасць першай энцыклікі Паўла VI у шасцідзесяцігоддзе яе публікацыі паразважаў у сваёй аўтарскай калонцы на партале SAʴý галоўны рэдактар Андрэа Тарніелі.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна

“Дыялог не павінен быць пагардлівым, насмешлівым, абразлівым. Яго аўтарытэт засноўваецца на праўдзе, якую ён раскрывае, на міласэрнасці, якую ён распаўсюджвае, на прыкладзе, які ён прапануе. Дыялог – не каманда, не навязванне. Дыялог – мірны. Ён пазбягае жорсткасці. Ён цярплівы, ён шчодры”. Гэтыя словы напісаў Павел VI у сваёй першай энцыкліцы Ecclesiam suam, апублікаванай шэсцьдзесят гадоў таму.

Дастаткова некалькіх фраз, каб зразумець незвычайную актуальнасць энцыклікі, якая выйшла з-пад пяра гэтага Папы праз год пасля яго абрання. Павел VI называў місію Езуса "дыялогам збаўлення”. Ён "нікога фізічна не прымушаў прыняць Яго”. Гэта была просьба аб любові, якая пакідала людзям свабоду прыняць ці адхіліць Яго. Гэта была форма адносін, заснаваная на тактоўнасці, павазе, сімпатыі, дабрыні з боку Таго, хто іх усталёўваў. Яна выключала асуджэнне, абразлівую і звыклую палеміку, пыху. Немагчыма не заўважыць каласальную дыстанцыю паміж такім падыходам і падыходам тых, хто пляткарыць у Інтэрнеце, хто судзіць усіх і кожнага, абражае і шукае ворага.

Дыялог, які для Папы Паўла VI звязаны з евангелізацыяй, не ставіць сваёй мэтай неадкладнае навяртанне суразмоўцы. Навяртанне заўсёды вынік ласкі Божай, а не дыялектычнай мудрасці місіянера. Дыялог – гэта "саюз ісціны і міласэрнасці, розуму і любові". Касцёл павінен весці дыялог са светам, у якім ён жыве. Касцёл нясе Слова. Касцёл нясе Пасланне. Касцёл вядзе размову. Таму што, каб навярнуць свет, неабходна наблізіцца да яго і размаўляць з ім.

Першая энцыкліка Паўла VI утрымлівае і іншыя каштоўныя ўказанні для нас і нашых сучаснікаў. Ecclesiam suam – Касцёл Яго, належыць Яму, заснавальніку, Езусу Хрысту. Касцёл не наш, не пабудаваны нашымі рукамі, не плён нашага майстэрства. Яго эфектыўнасць не залежыць ад маркетынгу, стратэгій, рэйтынгаў або здольнасці запаўняць стадыёны. Касцёл існуе, не таму што здольны арганізоўваць буйныя падзеі, медыя-феерверкі, аказваць уплыў у сацыяльных сетках.

Абавязак свету – выяўляць, праз штодзённае сведчанне дараваных грэшнікаў, прыгажосць сустрэчы, якая нясе збаўленне і адкрывае гарызонты надзеі. Абавязак свету – даць кожнаму магчымасць спазнаць погляд Езуса.

02 жніўня 2024, 15:14