SAʴý

Анёл Панскі: Эўхарыстыя – гэта ахвяраванне, падзяка і дзяленне

У нядзелю, 28 ліпеня 2024 года, падчас традыцыйнай сустрэчы на малітве Анёл Панскі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа звярнуўся да вернікаў з разважаннямі пра цуд размнажэння хлябоў і рыбы, апісаны ў Евангеллі святога Яна (6, 1-15).

Аляксандр Амяльчэня - SAʴý

Францішак падкрэсліў тры важныя дзеянні, якія адбываюцца падчас гэтага цуда і паўтараюцца падчас Эўхарыстыі: ахвяраванне, падзяка і дзяленне.

Ахвяраванне, паводле слоў Папы, – гэта прызнанне таго, што мы маем нешта добрае, чым можам падзяліцца, нават калі гэта здаецца нязначным у параўнанні з патрэбамі свету. Падчас Імшы святар ахвяруе хлеб і віно, а кожны вернік – сваё жыццё.

Падзяка – гэта момант, калі мы з пакорай і радасцю дзякуем Богу за Яго дары, прызнаючы, што ўсё, што мы маем, паходзіць ад Яго. Гэта момант благаслаўлення, калі Бог асвячае і памнажае нашы слабыя намаганні.

Дзяленне адбываецца падчас Камуніі, калі вернікі разам падыходзяць да алтара, каб прыняць Цела і Кроў Хрыстовыя. Гэта момант, які вучыць нас успрымаць кожны жэст любові як дар ласкі, як для таго, хто дае, так і для таго, хто атрымлівае.

Папа заклікаў вернікаў задумацца над наступнымі пытаннямі: "Ці сапраўды я веру ў тое, што маю нешта ўнікальнае, чым магу падзяліцца з братамі? Ці ўдзячны я Богу за Яго пастаянныя дары любові? Ці ўспрымаю я дзяленне з іншымі як момант сустрэчы і ўзаемнага ўзбагачэння?"

На заканчэнне Пантыфік папрасіў Дзеву Марыю дапамагчы вернікам перажываць кожную эўхарыстычную цэлебрацыю з верай і штодня распазнаваць і радавацца "цудам" Божай ласкі.

Падчас свайго разважання Францішак падкрэсліў важнасць удзячнасці, шчодрасці і еднасці ў хрысціянскім жыцці, заклікаючы вернікаў глыбей разумець і перажываць сэнс Эўхарыстыі ў сваім штодзённым жыцці.
 

28 ліпеня 2024, 12:17

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >