SAʴý

Францішак: Святы Дух стварае парадак і гармонію ў свеце

Ёсць вонкавы хаос – сацыяльны і палітычны, а ёсць і ўнутраны хаос у кожным з нас. Нельга аздаравіць першы, калі не пачаць аздараўляць другі, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - SAʴý

Дух і Нявеста. Святы Дух вядзе Божы народ насустрач Езусу, нашай надзеі, - катэхетычны цыкл пад такой назвай Францішак распачаў падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 29 мая 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. “Мы пройдзем гэты шлях праз тры вялікія этапы гісторыі збаўлення: Стары Запавет, Новы Запавет і часы Касцёла, заўсёды трымаючы позірк на Езусе, нашай надзеі”, - патлумачыў ва ўступе Папа.

Святы Айцец распачаў з рэфлексіі над першымі радкамі Бібліі: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля ж была бязладдзем і пустэчаю, і цемра была над паверхняй бездані, і Дух Божы лунаў над водамі” (Быц 1,1-2).

“Святы Дух з’яўляецца тут быццам таямнічая сіла, якая дапамагае свету перайсці ад свайго першапачаткова бясформеннага стану, пустыннага і цёмнага, да стану ўпарадкаванага і гарманічнага. Іншымі словамі, Ён – Той, хто дапамагае перайсці ад хаосу да космасу, гэта значыць ад бязладдзя да нечага прыгожага і ўпарадкаванага. Менавіта гэта азначае грэчаскае слова kosmos, а таксама лацінскае слова mundus – нешта прыгожае, упарадкаванае і чыстае”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што пра ролю Святога Духа ў стварэнні сусвету гаворка ідзе таксама ў іншых частках Бібліі, напрыклад у псальмах, якія кажуць, што Дух Божы абнаўляе аблічча зямлі. Новы Запавет апісвае ўмяшанне Святога Духа ў новае стварэнне, карыстаючыся вобразамі, звязанымі менавіта з пачаткам сусвету: голуб, які падчас хросту Езуса лунае над водамі Ярдану; Езус, які ў Вячэрніку дыхае на вучняў і кажа: “Прыміце Духа Святога”, як калі Бог удыхнуў жыццё ў Адама.

Пантыфік адзначыў, што новы элемент у гэтыя адносіны паміж Святым Духам і стварэннем увёў апостал Павел, кажучы пра сусвет, які “стогне і нараджае ў пакутах”: стогне з прычыны чалавека, які падпарадкаваў яго “няволі тлення”. “Гэта рэчаіснасць вельмі блізка і драматычна тычыцца нас. Апостал бачыць прычыну пакут стварэння ў сапсаванасці і граху чалавецтва, якія аддалілі яго ад Бога. Сёння гэта так жа праўдзіва, як і тады. Мы бачым, які разлад прычыніла і працягвае прычыняць чалавецтва стварэнню, асабліва тая яго частка, што мае большыя магчымасці для эксплуатацыі яго рэсурсаў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

На думку Папы, шлях вяртання да першапачатковай гармоніі паказвае святы Францішак Асізскі, заклікаючы да сузірання і праслаўлення. “Гаворка ідзе пра тое, каб супрацьпаставіць радасць сузірання радасці валодання”, - сказаў ён, дадаючы, што ніхто не радаваўся стварэнню мацней за Францішка Асізскага, які не хацеў валодаць нікім і нічым.

“Дух Божы, які на пачатку перамяніў хаос у космас – дзейнічае, каб споўніць гэту перамену ў кожным чалавеку”, перамяняючы “наша сэрца, падобнае на пустынную і цёмную бездань першых радкоў кнігі Быцця”, - заўважыў Пантыфік.

“У ім бушуюць супрацьлеглыя пачуцці і жаданні: цялесныя і духоўныя. Мы ўсе, у пэўным сэнсе, з’яўляемся гэтым “валадарства, падзеленым у сабе”, пра якое Езус кажа ў Евангеллі. Ёсць вонкавы хаос – хаос сацыяльны і хаос палітычны: падумаем пра войны, падумаем пра мноства дзяцей, якія не маюць есці, пра мноства сацыяльнай несправядлівасці – але ёсць і ўнутраны хаос у кожным з нас, Нельга аздаравіць першы, калі не пачаць аздараўляць другі”, - зазначыў Пантыфік, дадаючы, што па гэтай прычыне Касцёл спрадвеку просіць прыйсці Святога Духа, укладаючы ў вусны вернікаў ускліканне: Veni creator Spiritus! “Папросім Святога Духа, каб прыйшоў да нас і зрабіў усё новым, навізной Духа”, - завяршыў катэхезу Францішак.
 

29 мая 2024, 10:01

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >