SAʴý

Анёл Панскі з Папам: без прабачэння няма надзеі і міру

Прабачэнне – гэта кісларод, які ачышчае паветра, забруджанае нянавісцю; гэта супрацьяддзе, якое ратуе ад атруты крыўды; гэта шлях да спынення гневу і аздараўлення шматлікіх хваробаў сэрца, якія заражаюць грамадства, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – SAʴý

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 17 верасня 2023 года прайшла ў Ватыкане, Францішак паразважаў над літургічным евангельскім урыўкам, у якім расказваецца як Пётр спытаўся ў Езуса Хрыста: “Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?” (Мц 18,21).

Святы Айцец заўважыў, што лічба сем у Бібліі азначае паўнату і таму Пётр быў вельмі велікадушным у прапанове адказу на сваё пытанне. Аднак Езус ідзе далей і адказвае яму: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў”. Гэта значыць, што мы не павінны рабіць разлікаў, калі прабачаем – добра прабачаць усё і заўсёды. “Менавіта як Бог паступае з нам і як пакліканы рабіць той, што ўдзяляе Божае прабачэнне: прабачаць заўсёды”, - падкрэсліў Францішак.

Па словах Папы, гэту рэчаіснасць Езус адлюстраваў з дапамогай прыпавесці пра караля, які з літасці прабачыў слузе доўг у дзесяць тысяч талантаў – вельмі вялікую суму, адпаведную 200-500 тонам серабра. Гэты доўг было немагчыма вярнуць, нават працуючы ўсё жыццё. Але слуга, якому было прабачана так шмат, не меў ніякай літасці да свайго даўжніка, што быў вінен яму 100 дынараў. “Таксама і гэта была істотная лічба, роўная трохмесячнаму заробку”, - сказаў Пантыфік дадаючы, што прабачэнне паміж людзьмі можа каштаваць дорага, але яно непараўнальнае з тым, колькі нам прабачае Бог.

“Пасланне Езуса – яснае: Бог прабачае не лічачы, пераўзыходзячы ўсякую меру. Ён – такі: дзейнічае з любоўю і бескарыслівасцю… Мы не можам адплаціць Яму, але, калі прабачаем брата ці сястру, упадабняемся Яму. Прабачэнне – гэта не добры ўчынак, які можам рабіць ці не рабіць, але фундаментальная ўмова для хрысціяніна. Кожны з нас, насамрэч, з’яўляецца прабачаным: Бог аддаў жыццё за нас і мы ніякім чынам не можам адплаціць за Яго міласэрнасць, якая ніколі не знікае з Яго сэрца. Аднак, адпавядаючы Яго бескарыслівасці, гэта значыць, прабачаючы ўзаемна, мы можам даць сведчанне аб Ім, сеючы новае жыццё вакол нас. Па-за прабачэннем, насамрэч, няма надзеі; па-за прабачэннем няма міру. Прабачэнне – гэта кісларод, які ачышчае паветра, забруджанае нянавісцю; гэта супрацьяддзе, якое ратуе ад атруты крыўды; гэта шлях да спынення гневу і аздараўлення шматлікіх хваробаў сэрца, якія заражаюць грамадства”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў зрабіць рахунак сумлення і спытацца ў сябе: “Ці веру ў тое, што атрымаў дар вялізарнага прабачэння ад Бога? Ці адчуваю радасць ад ведання таго, што Ён заўсёды гатовы прабачыць мне, калі падаю, нават калі іншыя не робяць гэтага, нават калі я сам не магу прабачыць сябе? І яшчэ: ці ўмею прабачаць тых, хто чыніць мне зло?”

“У сувязі з гэтым, я хацеў бы прапанаваць вам невялікае практыкаванне: давайце зараз кожны з нас паспрабуе падумаць пра чалавека, які параніў нас, і папросім Пана аб сіле прабачыць яго. І давайце прабачым яго з любові да Пана: гэта будзе добра для нас, гэта верне нам спакой у сэрца”, - запэўніў Пантыфік, заклікаючы памаліцца да Марыі, Маці Міласэрнасці, каб навучыла нас прымаць Божую ласку і прабачаць адзін аднаго.
 

17 верасня 2023, 12:06

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >