SAʴý

Катэдра Лінца Катэдра Лінца 

Сінадальнасць: католікі Еўропы шукаюць шляхі абнаўлення

У аўстрыйскім Лінцы адбылася трохдзённая тэалагічная дыскусія прадстаўнікоў еўрапейскіх мясцовых Касцёлаў у рамках падрыхтоўкі да Другой сесіі XVI Звычайнай пленарнай асамблеі Сінода Біскупаў па тэме сінадальнасці, якая пройдзе ў кастрычніку 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - SAʴý

У сустрэчы, якая праходзіла з 29 па 31 жніўня 2024 года, удзельнічалі 43 кардыналы, біскупы і тэолагі. Галоўнай тэмай абмеркавання стала "сінадальнасць" – накірунак, вызначаны Папам Францішкам.

Хоць агульная заява па выніках сустрэчы не была апублікавана, справаздачы шасці моўных груп даюць уяўленне аб змесце дыскусій вакол рабочага дакумента – Instrumentum laboris.

Удзельнікі адзначылі, што Каталіцкі Касцёл у Еўропе "падзелены і стомлены". Ад Касцёла чакаюць "лячэння калектыўных ран" і большай пакоры і адкрытасці свету. Было падкрэслена, што "Еўропа больш не з'яўляецца цэнтрам Касцёла, толькі сэрца Касцёла знаходзіцца ў Рыме".

Сярод іншых важных тэм абмяркоўваліся пераадоленне клерыкалізму, роля жанчын у Касцёле, празрыстасць і адказнасць у кіраванні, а таксама магчымасць правядзення Еўрапейскага Сінода.

Удзельнікі прызналі, што сінадальны працэс быў вельмі плённым і павінен быць працягнуты. Было прапанавана праводзіць рэгулярныя сустрэчы на ўсіх узроўнях Касцёла і пасля завяршэння Сінода Біскупаў.
 

02 верасня 2024, 09:52